КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,

канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.​Давандзаці, Ш.​Мантэск’ё, Д.​Юм, Д.​Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.​Фішэрам, А.​Маршалам, А.​С.​Пігу, Дж.​Кейнсам, М.​Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)